26 красавіка – Міжнародны дзень памяці пра чарнобыльскую катастрофу
26.04.2024 г.26 красавіка – Міжнародны дзень памяці пра чарнобыльскую катастрофу. Усё чалавецтва ў гэты дзень успамінае пра Чарнобыль, пра тых, хто не шкадаваў жыцця і здароўя, спыняў радыяцыйную стыхію і прадухіліў вялікую бяду.
У выніку выбухаў на 4-м энергаблоку ЧАЭС рэактар быў поўнасцю разбураны. Аварыя суправаджалася пажарамі і выкідамі радыёактыўных рэчываў.
Радыёактыўнае воблака прайшло над СССР, Скандынавіяй, Усходняй Еўропай і закранула больш за 20 краін. Забруджванне тэрыторыі Беларусі склала 23 працэнты ад яе агульнай плошчы. Каля 35% “чарнобыльскага” цэзію-137, асноўнага радыёнукліду, што выклікае апраменьвання насельніцтва, прыйшлося на тэрыторыю Беларусі.
Беларускай дзяржавай пры падтрымцы міжнародных партнёраў была праведзена вялізарная праца па пераадоленню наступстваў тэхнагеннай катастрофы. Беларусь з 1996 года накіравала на гэтыя мэты больш за $19,5 мільярда.
Пройдзены значны шлях ад прыняцця тэрміновых мер абароны да рэалізацыі мерапрыемстваў па рэабілітацыі і адраджэнні пацярпелых тэрыторый.
За 38 гадоў плошча забруджвання тэрыторыі Беларусі цэзіем-137 зменшылася практычна ўдвая. Як адзначаюць навукоўцы, апошні населены пункт краіны выйдзе з зоны радыеактыўнага забруджвання да 2090 года. Аднак большасць беларускіх вёсак і гарадоў перастануць знаходзіцца ў зоне радыёактыўнага забруджвання да 2030-2040 гадоў.